О, сьвятая й слаўная апякунка й асьветніца народу Беларускага, Маці нашая, Еўпрасіньня! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстры Твае, што зь любоўю й надзеяй вочы душаў сваіх да Цябе падыймаюць. Ты не засудзіла нас, што мы ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць Цябе ў цэрквах сваіх сьвятога ймені Твайго. Бо мы ведаем, што гэта Ты сьвятымі малітвамі сваімі выпрасіла нам ласку Спаса нашага, і мы цяпер у сьвятых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыадзінаму Богу й Табе. Таму й удзячныя сэрцы нашыя, поўныя любові й падзякі да Цябе, у захапленьні сьпяваюць: РАДУЙСЯ!
Радуйся, Заступніца, Апякунка й Малельніца нашая! Радуйся, радаваньне Полацкае й усяе зямлі нашае! Радуйся, дзеваў чысьціня й зьзяньне! Радуйся, прамень Веры нашае! Радуйся, асьвячаньне любае Беларусі нашае! Радуйся, дабро, праўду, красу й згоду ў краіне нашай пашыральніца! Радуйся, памочніца пакрыўджаных, сумных пацяшэньне! Радуйся, удоваў і сіротаў заступленьне! Радуйся, кветка з райскага саду несьмягнучая! Радуйся ў веры нашай на выгнаньнях і ў пакутах падтрыманьне! Радуйся, хворых і паміраючых пацеха й выздараўленьне! Радуйся, да гробу Хрыстовага з сьвятымі пахамі прыходзячая! Радуйся, усё Хрысту ахвяраваўшая! Радуйся, сьвятых угоднікаў Божых краіны нашае зьзяньне, веліч і слава! Радуйся, сьвятая Маці нашая, Еўпрасіньня!
Прыймі, Заступніца нашая, гэтую Малітву братоў і сёстраў Тваіх, як нашую нявымоўную падзяку, любоў і хвалу Табе: надзея, чэсьць і пацеха нашая! Усе мы з радасьцю аддаем сябе пад сьвятую апеку Тваю. Маліся і далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся сьвятым, выбраным народам Яго! Каб Ён Духам Сваім Сьвятым узмацняў і прасьвятляў душы й сэрцы нашых пастыраў і павадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сіротаў, а ўсім нам паслаў супакой і радасьць на чужыне, і прывёў нас на вольную зямельку нашую, каб мы ўсе разам там маглі славіць Цябе, і пяяць хвалу Яму, Спасу нашаму, ды цешыцца й радавацца ў Валадарстве славы Яго на векі вечныя. Амін.