Уседзяржыцелю, Слова Войчае, адзіна дасканалы Ісусе Хрысьце, дзеля вялікага міласэрдзя Твайго, ніколі не пакідай мяне, слугі Твайго, але заўсёды прабывай ува мне, Ісусе, добры пастыру Тваіх авечак, не аддай мяне злобе зьмяінай і жаданьням Сатаны, бо насеньне ўпадку ўва мне ёсьць. Таму Ты, Госпаду Божа, адзіна годны ўсякае хвалы, Уладару Сьвяты, Ісусе Хрысьце, ахіні мяне ўва сьне вечным Сьвятлом, Духам Тваім Сьвятым, Каторым Ты асьвеціў вучняў Тваіх. Дай, Госпаду, і мне, нягоднаму рабу Тваяму спасеньне Тваё на пасьцелі маёй: прасьвятлі розум мой сьвятлом мудрасьці Сьвятога Евангельля Твайго, душу любоўю сьвятога Крыжа Твайго, сэрца чысьцінёю Словаў Тваіх, цела маё Тваёю жарсьцяй бязжарстнаю, думку маю Тваёю пакораю напоўні, і падымі мяне ў належны час на слаўленьне Цябе. Бо Табе адзінаму ўсякая хвала й слава разам з Беспачатным Айцом Тваім, і з Прасьвятым Духам па век веку. Амін.