Госпаду Ісусе Хрысьце, Адзінародны Сыне безпачатнага Твайго Айца, Ты сказаў Сваімі найсьвятшымі вуснамі: «Безь Мяне вы нічога добрага ня можаце зрабіць». Госпаду мой, Госпаду, успрыняўшы вераю гэтыя сьвятыя словы Твае ў сэрца й душу маю, я зварочваюся да Твае дабраты, і малю Цябе: памажы мне грэшнаму гэтую маю працу, што цяпер пачынаю, як для Цябе Самога выканаць, у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Або коратка: Госпаду багаславі.
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Магутны Божа! Пашлі нам ласку Духа Тваяго Сьвятога, Каторы дае й мацуе нашыя душэўныя сілы, каб мы ўважна слухалі выкладаныя нам навукі, і расьлі Табе, Творцы нашаму на славу, нашым бацьком і настаўнікам на радасьць, Царкве й бацькаўшчыне нашай на дабро й чэсьць. Амін.
Або: «Уладару Нябесны...»
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Дзякуем Табе, Стварыцелю, што ласкава дазволіў нам уважліва выслухаць навуку. Дабраслаў нашых кіраўнікоў, бацькоў і настаўнікаў, якія вядуць нас да пазнаньня дабра, і дай ім сілу і здатнасьць прадаўжаць гэтую навуку. Амін.
Або: «Дастойна ёсьць...»
Вочы ўсіх да Цябе, Госпаду, зьвяртаюцца з надзеяй, і Ты даеш усім ежу ў свой час, адкрываеш шчодрую руку Тваю, і ўсё жывое добра насычаеш.
Або: «Ойча наш...»
Дзякуем Табе, Хрысьце Божа наш, што насыціў нас зямнымі Тваімі дарамі, не пазбаў нас і Нябеснага Твайго ўладарства, але як паміж вучняў Тваіх, Ты прыйшоў калісь, супакой даючы ім, гэтак і да нас прыйдзі, і спасі нас.
Або: Слава Табе, Госпаду, слава Табе. Слава Табе Сьвяты ўладару, што даў нам ежу, напоўні нас і Духам Сьвятым, і мы станем перад Табою чыстымі й незасаромленымі, калі Ты будзеш аддаваць кожнаму паводля ўчынкаў яго.