Зьмілуйся нада мною, Божа, дзеля вялікае міласэрнасьці Твае, і па мноству дабротаў Тваіх ачысьці беззаконнасьці мае. Найперш абмый мяне ад правіны мае, і ачысьці мяне ад грэху майго. Бо ведаю добра беззаконьне маё, і грэх мой усьцяж перада мною. Перад Табою, Табою адзіным я зграшыў, і зло перад Табою ўчыніў: бо Ты справядлівы ў засудзе Тваім, і пераможаш, калі Цябе судзяць. Бо, вось, у беззаконнасьці я зачаты, і ў грахох радзіла мяне маці мая. Бо-ж Ты праўду палюбіў: нязнанае й тайнае мудрасьці Твае адкрыў Ты мне. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся, абмый мяне і стану за сьнег бялейшым. Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць: і ўсьцешацца пакорныя косьці мае. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і ўсе беззаконствы мае ачысьці. Ствары ўва мне, Божа, чыстае сэрца, і абнаві ўва мне духа праўды. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адбяры ад мяне. Зьвярні мне радасьць спасеньня Твайго, і духам валадарным умацуй мяне. Шляхі Твае буду я беззаконным паказваць, і грэшнікі вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад крывавых учынкаў, Божа, Божа спасеньня майго, і язык мой будзе радасна славіць праўду Тваю. Госпаду, адчыні вусны мае, і будуць яны абвяшчаць хвалу Тваю. Бо калі-б Ты захацеў ахвяры, я даў бы, але целапаленьні ня любыя Табе. Ахвяра Богу — дух пакутны: сэрцам збалелым і пакорным Ты, Божа, ня грэбуеш. Шчасьці, Госпаду, з Ласкі Свае Сіёну, узьвядзі нанова муры Ерусаліму. Тады прыймеш Ты ласкава ахвяры праўды, целапаленьні й дары агністыя: тады на алтар Твой пакладуць быкі.
Памі́луй мяне́, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваі́х ачы́сці беззако́нні мае́. Зусі́м абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́. Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́. Пе́рад Табо́й адзі́ным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчыні́ў, так што Ты справядлі́вы ў сло́вах Тваі́х і беззага́нны ў судзе́ Тваі́м. Бо вось у беззако́ннях зача́ты я і ў граха́х нарадзі́ла мяне́ ма́ці мая́. Бо вось ісціну ўзлюбі́ў Ты, невядо́мае і та́йнае з праму́драсці Тваёй адкры́ў Ты мне. Акрапі́ш мяне́ ісо́пам — і бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — і бу́ду за снег бяле́йшы. Дасі́ мне пачу́ць ра́дасць і вясяло́сць — і ўзра́дуюцца ко́сці пако́раныя. Адвярні́ аблі́чча Тваё ад грахо́ў маі́х і ўсе беззако́нні мае́ ачы́сці. Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, і дух пра́ўды аднаві́ ўнутры́ мяне́. Не адкі́нь мяне́ ад аблі́чча Твайго́ і Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымі́ ад мяне́. Вярні́ мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́. Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваі́м, і грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца. Урату́й мяне́ ад крыві́ *, Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, і ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй. Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, і ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́. Бо калі́ б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не мі́лае Табе́. Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным і пако́рлівым Бог не пагарджа́е. Ашчаслі́ў, Го́спадзі, з ла́скі Твае́ Сіён, і няха́й збуду́юцца сце́ны Іерусалі́ма. Тады́ мі́лай Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне і ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнік Твой цяльцо́ў.