Як толькі рана ўстанеш, памыйся, адзенься ды шчыра памаліся Госпаду Богу перад абразамі:
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. (тры разы хрысьцячыся)
Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму (грэшнай). (тры разы прыкладаючы кулак да грудзей)
Госпаду Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, Спасе наш, дзеля малітваў Прачыстае Маці Твае, і ўсіх Сьвятых, памілуй нас. Амін. (злажыўшы рукі)
Калі-б сталася, што зусім ня маеш часу, скажы яшчэ малітву Госпадаву «Ойча наш» і законч:
Слава Табе, Божа наш, Слава Табе. Амін.
Уладару Нябесны, Пацяшыцелю, Духу Праўды, што ўсюды ёсьць і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядацелю, прыйдзі й усяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і спасі, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тры разы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Прасьвятая Тройца, памілуй нас. Госпаду, ачысьці грахі нашыя; Уладыка, даруй беззаконнасьці нашыя; Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашыя дзеля імя Твайго.
Госпаду памілуй. (тры разы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Ойча наш, Каторы ёсьць у Нябёсах. Хай сьвяціцца імя Тваё. Хай прыйдзе Ўладарства Тваё, хай будзе воля Твая, як на Небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзённы дай нам сяньня. І даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжніком нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад нячысьціка.
Тваё ёсьць Уладарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Устаўшы ад сну, прыпадаем да Цябе, Добры, і ангельскую песьню натхнёна пяем Табе: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Госпаду, што з пасьцелі й сну падняў мяне, прасьвятлі розум мой і сэрца маё, і вусны мае адчыні, каб пяяць Табе, Сьвятая Тройца: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.
І цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Неспадзявана Судзьдзя прыйдзе і выявяцца ўчынкі кожнага, таму апоўначы із страхам усклічам: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцаю памілуй нас.
Госпаду памілуй. (12 раз)
Устаўшы ад сну дзякую Табе, Трыадзіны Божа, што дзеля Твае дабраты й цярплівасьці не загневаўся Ты на мяне лянівага й грэшнага і не загубіў мяне з беззаконствамі маімі; але дзеля Свае людалюбнасьці падняў мяне, што спачываў бяз памяці, каб я ранічнаю малітваю ўслаўляў уладу Тваю. І цяпер прасьвятлі вочы духа маяго, адчыні вусны мае пазнаваць Навуку Тваю і разумець запаведы Твае, выконваць волю Тваю, і пяяць Табе зь вераю ў сэрцы, і ў песьнях услаўляць усесьвятое імя Тваё: Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Прыйдзеце, пакланемся Ўладару нашаму Богу. (паклон)
Прыйдзеце, пакланемся й прыпадзем да самога Хрыста, Уладара й Бога нашага. (паклон)
Прыйдзеце, пакланемся й прыпадзем да Самога Хрыста, Уладара й Бога нашага. (паклон)
Божа, ачысьці мяне грэшнага, бо ніколі я не зрабіў нічога добрага перад Табою, але вызваль мяне ад нячыстага, і хай будзе ўва мне воля Твая, хай беззаганна адчыню недастойныя вусны мае, і ўсхвалю імя Тваё Сьвятое: Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Да Цябе, Уладару Людалюбча, устаўшы ад сну сьпяшаюся, насьляваць Цябе жадаю дзеля міласэрдзя Тваяго, і малюся да Цябе: памажы мне ў кожным часе, у кожнай рэчы, і захавай мяне ад усякіх людзкіх благіх учынкаў, і д'ябальскае спакусы, і збаў мяне, і ўвядзі ў Валадарства Тваё вечнае. Бо Ты мой Творца, і ўсякага дабра Крыніца й Падайца, і на Цябе ўся надзея мая, і Табе хвалу чыню, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Сьвяты ангелу, памочніча стурбаванай душы мае й клапатлівага жыцьця маяго, не адыходзь ад мяне за няўстрыманасьць маю, ня дай злому духу сілком завалодаць сьмяротным целам маім. Узмацні зьняможаныя й слабыя сілы мае, і накіруй мяне на шлях спасеньня. Так, сьвяты ангеле Божы, абароньніча й ахоўніку мае ўбогае душы і цела, усё мне даруй, чым я скрыўдзіў Цябе праз усё жыцьцё маё, і калі я ў нечым зграшыў мінулае ночы, заступіся за мяне гэтага дня, і захавай мяне ад усякае згубнае спакусы, каб я ніякім грэхам не ўгнявіў Бога, і маліся за мяне да Госпада, каб Ён умацаваў мяне ў послуху Яму, і зрабіў мяне годным слугою дабраты Свае. Амін.
Багародзіца Дзева, радуйся! Дабрадатная Марыя, Гасподзь з Табою. Дабраслаўленая Ты між жанчын, і дабраслаўлены плод улоньня Твайго, бо Ты радзіла Спаса душ нашых.
Пад Тваю міласьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, малітваў нашых не адкінь у цярпеньнях, але ад бедаў спасі нас. Адзіна чыстая, і Дабраслаўленая. Прасьвятая Багародзіца, спасі нас!
Спасі, Госпаду, людзей Тваіх, і дабраслаў маемасьць Тваю. Перамогу дабраверным хрысьцянам над супраціўнымі даруй, і Тваім Крыжам сьвятым барані зямлю Тваю.
Дастойна ёсьць запраўды славіць Цябе, Багародзіцу, заўсёды шчасьлівую, і найчыстшую, і Маці Бога нашага. Сьвятнейшую за Херувімаў і без параўнаньня слаўнейшую за Серафімаў, што нарадзіла Бога Слова, непарушаную, існую Багародзіцу Цябе ўзьвялічаем.
[1] Веру ў Вадзінага Бога Айца, Уседзяржыцеля, Тварца Неба й зямлі, усяго відзімага й нявідзімага.
[2] І ўвадзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, Адзінароднага, ад Айца роджанага перад усімі вякамі: Сьвятло ад Сьвятла, Бога праўдзівага, нястворанага але народжанага, аднаістнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася.
[3] Дзеля нас людзей, і дзеля нашага спасеньня што зыйшоў зь Нябёсаў, і ўцелесьненага праз Духа Сьвятога й Дзевы Марыі, і ўчалапечанага.
[4] Укрыжаванага за нас пры Понцкім Пілаце, і цярпеўшага, і пахаванага.
[5] І ўваскрослага на трэйці дзень згодна з Пісаньнем.
[6] Узыйшоўшага ў Нябёсы, і сядзячага праваруч Айца.
[7] Маючага зноў прыйсьці ў славе, судзіць жывых і памерлых. Ягонаму-ж уладарству ня будзе канца.
[8] І ў Духа Сьвятога, Госпада жыцьцетворчага, ад Айца зыходзячага, з Айцом і Сынам супакланяльнага й слаўленага, што гаварыў праз прарокаў.
[9] І ў Вадзіную, Сьвятую, Саборную, і Апостальскую Царкву.
[10] Вызнаю адзіны хрост на збаўленьне ад грахоў.
[11] Чакаю ўваскрасеньня памерлых,
[12] І жыцьця будучага часу. Амін.
Зьмілуйся нада мною, Божа, дзеля вялікае міласэрнасьці Твае, і па мноству дабротаў Тваіх ачысьці беззаконнасьці мае. Найперш абмый мяне ад правіны мае, і ачысьці мяне ад грэху майго. Бо ведаю добра беззаконьне маё, і грэх мой усьцяж перада мною. Перад Табою, Табою адзіным я зграшыў, і зло перад Табою ўчыніў: бо Ты справядлівы ў засудзе Тваім, і пераможаш, калі Цябе судзяць. Бо, вось, у беззаконнасьці я зачаты, і ў грахох радзіла мяне маці мая. Бо-ж Ты праўду палюбіў: нязнанае й тайнае мудрасьці Твае адкрыў Ты мне. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся, абмый мяне і стану за сьнег бялейшым. Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць: і ўсьцешацца пакорныя косьці мае. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і ўсе беззаконствы мае ачысьці. Ствары ўва мне, Божа, чыстае сэрца, і абнаві ўва мне духа праўды. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адбяры ад мяне. Зьвярні мне радасьць спасеньня Твайго, і духам валадарным умацуй мяне. Шляхі Твае буду я беззаконным паказваць, і грэшнікі вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад крывавых учынкаў, Божа, Божа спасеньня майго, і язык мой будзе радасна славіць праўду Тваю. Госпаду, адчыні вусны мае, і будуць яны абвяшчаць хвалу Тваю. Бо калі-б Ты захацеў ахвяры, я даў бы, але целапаленьні ня любыя Табе. Ахвяра Богу — дух пакутны: сэрцам збалелым і пакорным Ты, Божа, ня грэбуеш. Шчасьці, Госпаду, з Ласкі Свае Сіёну, узьвядзі нанова муры Ерусаліму. Тады прыймеш Ты ласкава ахвяры праўды, целапаленьні й дары агністыя: тады на алтар Твой пакладуць быкі.
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над праваслаўнымі патрыярхамі, япіскапамі й усімі духаўнікамі, што Ты паставіў іх даглядаць агул Твой хрысьцянскі і малітвамі іх зьмілуйся й спасі мяне.
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над айцом маім духоўным (імя) і сьвятымі малітвамі яго даруй мне грахі мае. (паклон)
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над бацькамі маімі (імёны), братамі й сёстрамі (імёны) і над усімі маімі роднымі й блізкімі, і падай ім Тваю Ласку: супакой, радасьць і дабро. (паклон)
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над старымі й малымі, над беднымі, сіротамі, удовамі, у хваробе, горы, бядзе й смутку прабываючымі. І над тымі запраўднымі слугамі Тваімі, што за Цябе й за Веру Праваслаўную дзеля бязбожнікаў, адступнікаў і гарэтыкаў у цямніцах, вязьніцах прабываюць і пакутуюць. Памяні іх, Госпаду, і адведай, і ўзмацні, і пацеш іх, і сілаю Тваёю хуткае вызваленьне, свабоду ім падай. (паклон)
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над тымі, што ў далёкіх службах прабываюць, падарожуюць, айцоў, братоў і сёстраў нашых, і ўсіх праваслаўных хрысьцян. (паклон)
Спасі, Госпаду, зьмілуйся над тымі, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і спрычыняюць мне ўсякія прыкрасьці, і ня дай ім загінуць дзеля мяне грэшнага. (паклон)
Тых, што адыйшлі ад Праваслаўнае Веры, і згубнымі гарэзіямі засьлепленых, сьвятлом Твайго пазнаньня асьвятлі, і да Тваёй Сьвятой Саборнай Апостальскай Царквы далучы. (паклон)
Успамяні, Госпаду, душы спачылых слугаў Тваіх, бацькоў маіх і ўсіх родных маіх, і выбач ім усе грахі іхныя — сьведамыя й нясьведамыя, прымі да Сябе ў Царства Тваё вечнае славы, бясконцага шчасьця, і радасьці нявымоўнае на векі. (паклон)
Успамяні, Госпаду, усіх спачылых у надзеі ўваскрашэньня й жыцьця вечнага айцоў, братоў і сёстраў нашых, тут і паўсюды пахаваных праваслаўных хрысьцян, супакой іх разам са Сьвятымі Тваімі, дзе зьзяе сьвятло аблічча Твайго, і нас памілуй, бо Ты добры й людалюбны. Амін. (паклон)
Падай, Госпаду, выбачэньне грахоў усім тым, што адыйшлі ў веры й надзеі ўваскрашэньня айцом, братом і сёстрам нашым, і ўчыні ім вечную памяць. (тры разы) Амін.
Малі Бога за мяне, Сьвяты(-ая) Угодніча(-ца) Божы(-ая) (імя), бо да Цябе я горача зьвяртаюся як да хуткага(-ай) памочніка(-цы), і малітаўніка(-цы) аб душы маёй.