І ўваскрэсьне Бог, і рассыплюцца варагі Яго, і ўцякуць перад абліччам усе, што ненавідзяць Яго. Як разьвяваецца дым, так хай разьвеяны будуць, як тае воск перад вагнём, так хай чэрці зьгінуць перад тымі, што любяць Бога, што ахінаюць сябе знакам крыжа й у весялосьці кажуць: Радуйся Найсьвятшы й Жыцьцятворчы Крыжу Госпадні! Ты праганяеш чортаў сілаю на Табе ўкрыжаванага Госпада нашага Ісуса Хрыста, Каторы ў пекла зыйшоў і сілу дыявала перамог, і дараваў нам Цябе, Крыж свой пачэсны, на збаўленьне ад усякага супраціўніка. О, найсьвяцейшы і Жыцьцятворчы Крыжу Госпадні! Памагай мне ізь сьвятою Ўладаркаю Дзеваю Багародзіцаю, і з усімі сьвятымі на векі. Амін.
Паменш, пакінь, прабач, Божа, грахі нашыя, вольныя й нявольныя, якія мы ўчынілі словам ці чынам, сьведама ці нясьведама, днём ці ўначы, у думках ці замерах: усе нам даруй, бо Ты Добры й Людалюбны.
Тым, што нас ненавідзяць і крыўдзяць, даруй Госпаду, Людалюбівы. Тым, што дабро робяць, памнож іхнае дабро. Братом і сваяком нашым даруй, каб іхныя просьбы аб спасеньні прывялі іх у жыцьцё вечнае. Хворых адведай і ўздараві іх. Тымі, што на морах, кіруй. З тымі, што ў падарожжах, спадарожнічуй. Хрысталюбовым уладам памагай. Тым, што нам памагаюць і нас любяць, грахі даруй. Тым, што просяць нас памаліцца за іх, памілуй подле вялікае міласьці Твае. Успомні, Госпаду, адыйшоўшых айцоў і братоў нашых, і супакой іх у сьветласьцях аблічча Твайго. Успомні, Госпаду, братоў нашых, што ў палоне, і вызваль іх ад усякае бяды. Успомні, Госпаду, тых, што прыносяць добры плод і дабро чыняць у сьвятых Тваіх цэрквах, выслухай іхныя просьбы аб спасеньню, і дай ім жыцьцё вечнае. Успомні, Госпаду, і нас, пакорных, грэшных і нягодных слугаў Тваіх, і прасьвятлі наш розум сьветлам мудрасьці Твае, і настаў нас на шлях запаведаў Тваіх, малітвамі Прачыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы й Вечнадзевы Марыі, і ўсіх Тваіх сьвятых. Бо Ты дабраслаўлены на векі вечныя. Амін.
Госпаду Божа наш, Ты не жадаеш сьмерці грэшніка, але хочаш, каб ён вярнуўся да Цябе, і законна жыў. Зьвяртаюся й я да Цябе, мой Божа: прыймі маё каяньне, пашлі майму сэрцу зразуменьне віны, узруш маё сумленьне, каб мая споведзь была перад Табою шчырая й праўдзівая, і дай мне цьвёрдую волю дзеля моцнае пастановы весьці жыцьцё маё шляхам праведнасьці й годнасьці, услаўляць на кожным ступню майго жыцьця сьвятое ймя Тваё, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Вызнаю Табе, Госпаду Богу майму й Творцы, у Сьвятой Тройцы адзінаму, годнаму славы й пакланеньня Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, усе мае грахі, што ўчыніў я праз маё жыцьцё, у кожную часіну й у цяперашнім часе ўчынкам, словам, думкаю, бачаньнем, слыхам, нюхам, смакам, дотыкам, і ўсімі маімі пачуцьцямі душэўнымі й цялеснымі, якімі Цябе, Бога майго й Творцу, я ўгнявіў і свайго бліжняга зьняважыў, усяго гэтага шкадую, прызнаю сябе вінаватым прад Табою, Божа мой, і маю волю да каяньня. Толькі Ты, Госпаду Божа мой, памажы мне, сьлёзна й пакорна прашу Цябе: учыненыя мною грахі мае й правіны міласэрдзем Тваім даруй мне, і збаў мяне ад іх усіх, бо Ты Добры й Людалюбівы. Амін.
Знаю, Госпаду, што калі нягодна прыйму Найсьвятшае Цела Тваё і Пачэсную Кроў Тваю, то буду вінаватым, спажыву сябе на засуджэньне без належнае развагі аб Целе й Крыві, Цябе, Хрыста й Бога майго. Але, спадзяюся на Тваё міласэрдзе, прыходжу да Цябе, Каторы сказаў: „Хто спажывае Цела Маё, і п'е Кроў Маю, той ува мне прабывае, і Я ў ім“. Таму зьмілуйся, Госпаду, і не засудзі мяне грэшнага, але ўчыні зы мною подле міласьці Твае: і хай будуць мне гэтыя Сьвятасьці на аздараўленьне, і ачышчэньне, і асьвятленьне, і захаваньне, і спасеньне, і на асьвячаньне душы й цела, на разьвеяньне ўсякіх благіх мрыяў і ўплыву нячыстага, што думкаю прыхавана ў маім целе дзее. Хай будзе на спаправу й умацаваньне жыцьця, на рост цнотаў і дасканаласьці, на споўненьне Тваіх запаведаў, на лучнасьць з Духам Сьвятым, успамогай да жыцьця вечнага, на добры адказ на страшным судзе Тваім: а ніколі ня будзе мне ў суд ці засуджэньне. Амін.
Веру Госпаду, і адкрыта сьветчу, што Ты ёсьць запраўдны Хрыстос, Сын Бога жывога, Каторы прыйшоў на сьвет грэшных спасьці, між якімі я ёсьць першы. Яшчэ веру, што гэта ёсьць Найчысьцейшае Цела Тваё, і гэта найпачэсьнейшая Кроў Твая. Таму малюся Табе: памілуй мяне, і даруй грахі мае ўмысныя й няўмысныя, ці то словам, ці ўчынкам, сьведамыя й нясьведамыя; і ўдастой мяне незасудна прычасьціцца прачыстых Тваіх Тайнаў на адпушчэньне грахоў і ў жыцьцё вечнае. Амін.
Вячэры Твае Тайнае сяньня, Сыну Божы, удзельнікам мяне прыймі: ворагам бо Тваім Тайны не скажу, ні цалаваньня Табе дам, як Юда, але як разбойнік клічу Цябе: Успомні мяне, Госпаду, у валадарстве Тваім.
Няхай не на суд, а ні на засуджэньне будзе мне прычашчэньне Сьвятых Тваіх Тайнаў, Госпаду, але на ўздараўленьне душы й цела.
Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму.
Слава Табе, Божа, Слава Табе! (тры разы)
Дзякую Табе, Госпаду Божа мой, што не адкінуў Ты мяне грэшнага, але дазволіў мне быць удзельнікам Тваіх Сьвятасьцяў. Дзякую Табе, што ўдастоіў мяне нявартага прычасьціцца Прачыстых і Нябесных Тваіх Дароў. Але, Людалюбны Ўладару, што дзеля нас памёр і ўваскрос, і даў нам страшныя й жыцьцятворчыя Таінствы на дабро й асьвячаньне душы й цела, на разьвеяньне ўсяго супраціўнага, на прасьвятляненьне вачэй сэрца майго, на супакой маіх душэўных сіл, на незасудную веру, на любоў някрывадушную. На паўнату мудрасьці, на выкананьне запаведаў Тваіх, на павялічэньне Боскае ласкі Твае, і на асягненьне Твайго Ўладарства: каб усім гэтым у сьвятыні Тваёй захаваны, я памятаў заўсёды ласку Тваю, і ўжо ня дзеля сябе жыў, а дзеля Цябе, нашага Ўладара й Дабрадзея. Дык, гэтае жыцьцё пакінуўшы ў надзеі жыцьця вечнага, асягну на векі супакой, дзе голас сьвяткуючых бязупынны, і бясконцая любата тых, што бачаць аблічча Тваяго красу нявымоўную. Бо Ты ёсьць праўдзівае жаданьне й бязьмежная радасьць тых, што любяць Цябе, Хрысьце Божа наш, і усякае стварэньне пяе хвалу Табе на векі. Амін.
Госпаду Хрысьце Божа, Уладару вякоў і Творца усяго! Дзякую Табе за ўсё добрае, што Ты даў мне, і за прычашчэньне Тваіх Найсьвятшых і Жыцьцятворных Тайнаў. І прашу Цябе, Добры й Людалюбівы: захавай мяне пад пакровам Тваім і пад апекай крыльляў Тваіх, і дай мне да апошняга дыху майго з чыстым сумленьнем прычашчацца Сьвятасьцяў Тваіх на адпушчэньне грахоў і ў жыцьцё вечнае. Бо Ты ёсьць Хлеб Жыцьця, крыніца сьвятасьці, падаўца дабра, і Табе славу засылаем з Айцом і Сьвятым Духам, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.
Цябе Бога славім, Цябе Госпада славасловім, Цябе, прадвечнага Айца, уся зямля ўзьвялічае. Табе ўсе Ангелы, Табе Нябёсы й усе сілы, Табе Херувімы й Серахвімы бязупынна пяюць: Сьвят, Сьвят Госпад Саваоф, поўныя Неба й зямля велічнае славы Твае.
Цябе найслаўнейшы Апостальскі Сабор, Цябе хвальнае прарочае войска мучанікаў, Цябе па ўсім сьвеце Сьвятая Царква ўслаўляе, як Айца непрыступнае велічы, і супакланяльнага Твайго праўдзівага й Адзінароднага Сына, і Сьвятога Духа Пацяшыцеля.
Ты Валадар славы, Хрысьце. Ты Сын Вечнаіснага Айца. Ты дзеля нашага спасеньня стаўся чалавекам, не пагрэбаваў улоньням Дзевы. Ты джала сьмерці скрышыў, веруючым уладарства Нябеснае адчыніў.
Ты ў славе Айцоўскай на правіцы Бога сядзіш, і верым, як Судзьдзя прыйдзеш. Таму просім Цябе: памажы слугам Тваім, якіх Ты Пачэснаю Крыўёю выкупіў. Дазволь нам із Сьвятымі Тваімі ў славе вечнай Тваёй пасад мець. Спасі, Госпаду, людзей Тваіх і дабраслаў маемасьць Тваю, кіруй імі, і ўслаў іх на векі.
Усе дні дабраславім Цябе, і хвалім імя Тваё бязупынна й на векі вечныя. Дазволь, Госпаду, у гэты дзень бяз грэху захавацца нам.
Зьмілуйся над намі, Госпаду, зьмілуйся над намі. Хай будзе міласьць Твая на нас, бо мы спадзяёмся на Цябе. На Цябе, Госпаду, маем надзею, і не засаромімся навекі. Амін.
Найсьвяцейшая Дзева Марыя, нашая найлепшая Маці й Уладарка, выслухай нашую просьбу.
Ты-бо адзіна Чыстая й Звышдабраслаўленая Багародзіца, Дзева Марыя, Уладарка Беларусі, што сьвеціш у Жыровіцах цяпер і на векі вечныя.
Амін.
О, сьвятая й слаўная апякунка й асьветніца народу Беларускага, Маці нашая, Еўпрасіньня! Глянь ласкавым вокам сваім на братоў і сёстры Твае, што зь любоўю й надзеяй вочы душаў сваіх да Цябе падыймаюць. Ты не засудзіла нас, што мы ў няволі сваёй доўгі час не маглі славіць Цябе ў цэрквах сваіх сьвятога ймені Твайго. Бо мы ведаем, што гэта Ты сьвятымі малітвамі сваімі выпрасіла нам ласку Спаса нашага, і мы цяпер у сьвятых цэрквах сваіх можам аддаваць хвалу Трыадзінаму Богу й Табе. Таму й удзячныя сэрцы нашыя, поўныя любові й падзякі да Цябе, у захапленьні сьпяваюць: РАДУЙСЯ!
Радуйся, Заступніца, Апякунка й Малельніца нашая! Радуйся, радаваньне Полацкае й усяе зямлі нашае! Радуйся, дзеваў чысьціня й зьзяньне! Радуйся, прамень Веры нашае! Радуйся, асьвячаньне любае Беларусі нашае! Радуйся, дабро, праўду, красу й згоду ў краіне нашай пашыральніца! Радуйся, памочніца пакрыўджаных, сумных пацяшэньне! Радуйся, удоваў і сіротаў заступленьне! Радуйся, кветка з райскага саду несьмягнучая! Радуйся ў веры нашай на выгнаньнях і ў пакутах падтрыманьне! Радуйся, хворых і паміраючых пацеха й выздараўленьне! Радуйся, да гробу Хрыстовага з сьвятымі пахамі прыходзячая! Радуйся, усё Хрысту ахвяраваўшая! Радуйся, сьвятых угоднікаў Божых краіны нашае зьзяньне, веліч і слава! Радуйся, сьвятая Маці нашая, Еўпрасіньня!
Прыймі, Заступніца нашая, гэтую Малітву братоў і сёстраў Тваіх, як нашую нявымоўную падзяку, любоў і хвалу Табе: надзея, чэсьць і пацеха нашая! Усе мы з радасьцю аддаем сябе пад сьвятую апеку Тваю. Маліся і далей за шматпакутны народ наш перад пасадам Усявышняга, каб мы сталіся сьвятым, выбраным народам Яго! Каб Ён Духам Сваім Сьвятым узмацняў і прасьвятляў душы й сэрцы нашых пастыраў і павадыроў, пацяшаў і радаваў нашых удоваў і сіротаў, а ўсім нам паслаў супакой і радасьць на чужыне, і прывёў нас на вольную зямельку нашую, каб мы ўсе разам там маглі славіць Цябе, і пяяць хвалу Яму, Спасу нашаму, ды цешыцца й радавацца ў Валадарстве славы Яго на векі вечныя. Амін.
Сьвяты Кірыле, любы браце наш, Ты — бяздоннае мора духовага багацьця й красы Божае! Ты, абраз духовае велічы нашых пабожных прашчураў! Ты, люстра дабраты іх! Ты, нашыя ангельскія вусны на Небе! Ты, нашыя духовыя арліныя крыльлі да раю! Ты, Жывая Вада Госпада! Ты, знак нашае любові перад Пасадам Божым, нашая надзея на Яго! Ты, наш ходальнік перад Справядлівым Судзьдзёю! Ты, наш Беларускі каштоўны дыямант у кароне найбольшых сьвятых! Ты, нашая зьзяючая слава Божая, бліскучы розум нашага народу, нашая сьвятасьць, і нашая радасьць на векі.
Сьвяты Кірыле, любы браце наш, малі Бога за нас! Амін.
Уладару Неба й зямлі, Спрадвечны Божа! Ласка Твая да Нябёсаў, а праўда над воблакі! Ты йвесь сьвет стварыў і Духам Сьвятым усё прасьвятляеш, ажыўляеш і мацуеш! Ты адвечныя правы да ўсяго ўстанавіў, кажнаму месца й мэту прызначыў, а людзкі род так палюбіў, што Сына Свайго Адзінароднага на зямлю паслаў, каб усе, што выпаўняюць навуку Ягоную ды йдуць дарогаю Ягонаю, сталі сынамі Тваімі, падобнымі да ангелаў сьвятых, удзельнікамі Твайго Нябеснага Ўладарства.
Мы, дзеці Беларускага народу, поўнілі Волю Тваю й Запаведы Твае, ішлі шляхамі Тваімі й пабожных прашчураў нашых, але з прычыны слабасьцяў людзкіх зьневяраліся й падалі, і гэтым вельмі зьневажалі Цябе шматлікімі грахамі сваімі.
Але Ты, Госпаду, адзіны бяз грэху, поўны ласкі, любові, міласэрдзя й дараваньня! На каленях молім Цябе: даруй нам вольныя й нявольныя грахі й правіны нашыя. Даруй нам усякі нядобры ўчынак як да сябе самых, так і да іншых. Даруй і тым, што крыўдзілі й зьняважалі нас.
Мы молім Цябе ў шчырай пакоры думаў нашых, барані нас ад усякіх напасьцяў варожых, і дай нам і непрыяцелям нашым Тваёю шчодраю рукою духа хрысьцянскае любові. Пашлі нам еднасьць у веры, згоду й паразуменьне ў сямейным і грамадзкім жыцьці. Загаі нашыя асабістыя й народныя раны душы, якія мы самі сабе спрычынілі, або ад непрыяцеляў атрымалі.
У нашым штодзённым жыцьцю, у працы, змаганьню й спакусах асьвяці наш розум Тваім евангельскім сьвятлом, каб выконваючы запаведы Твае перамаглі ўсякія цяжкасьці й цярпеньні, заўсёды былі з Табою, заўсёды Цябе дабраславілі. Пашлі народу Беларускаму сьвятых і вялікіх слугаў Сваіх, якія справядлівым, пабожным і мудрым жыцьцём і дзейнасьцю вялі-б народ наш да лепшае, сьветлае долі. Дай нам сьвятое нашае духавенства. Дабраслаў нашыя сем'і, каб у кожнай зь іх дбалы бацька й ахвярная маці, злучаныя Тваёю Божаю любоўю, гадавалі Табе на славу, а бацькаўшчыне на карысьць дзеткі свае. Асаблівую ласку Сваю пашлі нашай моладзі, каб у душах і сэрцах яе зьзялі цноты хрысьцянскія, каб яна расла на верных і карысных сыноў і дачок народу свайго.
Ты Сам, Госпаду, сказаў: „Прасеце, і будзе вам дадзена“, мы молім Цябе, Госпаду, памажы нам. Спасі, Госпаду, пашлі ласку Сваю на народ наш, і дай яму трывалы супакой.
Дабраслаў нашыя дачасныя дастаткі. Ня дай марна гінуць разумным, якіх Ты пасылаеш у наш народ, але памажы ім свабодна разьвівацца й красаваць Табе на славу, а нам і ўсяму людзтву на карысьць. Дабраслаў працу сялянства, і працу работнікаў, настаўнікаў, мастакоў, вучоных, каб празь іх народ наш Беларускі мог разумна й добра жыць, і Цябе, Айца нашага Нябеснага, славіць.
І Цябе, Прасьвятая, Прачыстая, Нябесная Маці нашая, Багародзіца, просім: заступіся за нас перад пасадам Сына Твайго, Бога нашага, ахіні цудоўным пакровам Сваім верны Табе народ наш Беларускі. І Ты, сьвятая й слаўная Еўпрасіньня Полацкая, Апякунка Беларусі, харашыня й веліч духа нашага на Небе, і Ты, сьвяты Кірыле, нашыя ангельскія вусны ў Нябёсах, ды ўсе сьвятыя заступнікі народу Беларускага, малецеся за нас і апякуйцеся намі, каб мы сталі народам сьвятым, мілым Госпаду Богу, каб мы заўсёды добра выконвалі волю й запаведы Яго, сваё пасланства асягнулі, супакойнае й радаснае жыцьцё тут на зямлі і атрымалі вечнае шчасьце на Небе, і Табе, Спрадвечнаму Ўладару й Богу нашаму, у Сьвятой Тройцы Адзінаму: Богу Айцу, Богу Сыну, і Богу Духу Сьвятому, прыносілі вернасьць, падзяку, любоў і славу, цяпер і заўсёды, і навекі вечныя. Амін.
Магутны Божа! Уладар Сусьвета,
Вялікіх сонцаў і сэрц малых.
Над Беларусяй ціхай і ветлай
Рассып праменьні Свае хвалы.
Дай спор у працы штодзённай шэрай,
На лусту хлеба, на родны край.
Павагу, сілу і веліч веры
У нашу праўду, у прышласьць дай.
Дай урадлівасьць жытнёвым нівам,
Учынкам нашым пашлі ўмалот.
Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай
Краіну нашу і наш Народ.
Госпаду Божа, Уладару жыцьця майго! Ты з ласкі свае сказаў: „Не хачу сьмерці грэшніка“, але каб пазнаў Цябе, і жывы быў. Я ведаю, што гэтая хвароба, якая прыносіць цярпеньні мне, ёсьць караю Тваёю за грахі й правіны мае. Я знаю, што па ўчынках маіх заслужыў гэтую Тваю справядлівую заплату. Але, людалюбівы Госпаду, будзь міласьцівы мне грэшнаму: судзі мяне ня подле ліхіх учынкаў маіх а паводле бязьмежнага міласэрдзя Тваяго. Не пасылай сьмерці на мяне, але дай мне сілы, каб я цярпліва перанёс гэтую хваробу сваю, як заслужанае мною выпрабаваньне, і па ачуняньні ад яе, каб зьвярнуўся ўсім сэрцам, усёю душою, і усім разуменьнем маім да Цябе, Госпада Бога, Творцы майго і жыў дзеля выпаўненьня запаведаў Тваіх сьвятых на славу Табе, на радасьць маіх родных, і на маё дабро. Амін.
О, Найміласэрны Божа: Войча, Сыне, і Духу Сьвяты, у непадзельнай Тройцы адзіны, годны хвалы й славы! Глянь з ласкі Свае на слугу Твайго (імя) хворага! Даруй яму грахі й правіны ягоныя, вызвалі ад хваробы, зьвярні яму здароўе й сілы. Пашлі яму доўгае й супакойнае жыцьцё, абдары яго усякім Тваім Боскім дабром, каб ён разам з намі чыніў малітвы падзякі Табе, шчодраму Богу й Творцы нашаму.
Прасьвятая Багародзіца, усемагутным заступніцтвам Тваім памажы мне ў гэтай малітве маёй упрасіць у Сына Твайго, Бога майго, ачуняньня слугі Божага (імя).
Усе Ангелы Госпадавы, і ўсе сьвятыя, малеце Бога аб выздараўленьне слугі Ягонага (імя).
О, Найслаўнейшая Маці Божая! Памілуй мяне, служку Тваю: прыйдзі мне на помач у маім цяперашнім палажэньню, і ў тых небясьпечнасьцях, сярод якіх родзяць дзяцей усе бедныя дачкі Евы. Успомні, о, Багаслаўленая сярод жанчын, зь якою радасьцю й любоўю Ты сьпяшыла наведаць Сваю сваячку Элізавету ў часе яе цяжку, і як цудоўна падзеялі Твае ласкіпоўныя адведзіны як на маці, так і на дзіцянятка. У бясконцай дабраце Тваёй памажы й мне, пакорнай служцы Тваёй, у супакою й радасьці нарадзіць дзіцятка. Падаруй і мяне гэтаю Тваёю ласкаю, каб дзіцянятка ўва ўлоньню маім адчуўшы яе, таксама радасна ўзварушылася, падобна да сьвятога дзіцянятка Іоана, і пакланілася Госпаду Богу й Спасу нашаму, Каторы зь любові да нас грэшных не палічыў Сабе паніжэньнем Самому стаць дзіцяткам. Нявымоўная радасьць, якою напоўніла сэрца Тваё, Дзева, калі Ты глянула на нованароджанага Твайго Сына й Госпада, няхай асалодзіць мае цярпеньні ў часе нараджэньня майго дзіцятка. Жыцьцё сьвету, Спас мой, народжаны Табою, няхай збавіць мяне ад цярпеньня, што здараецца сярод мацярок у часе радоў, і няхай залічыць Ён плод улоньня майго да ліку абраных Богам.
Выслухай, Найсьвятшая Заступніца, Валадарка Нябесная, гэтую пакорную малітву маю, і глянь на мяне грэшную вокам ласкі Свае. Не засаром мае надзеі на Тваё вялікае міласэрдзе, і ахіні мяне пакровам Тваім. Памочніца хрысьцян, лекарка хворых, памажы мне, каб і я пазнала на сабе, што Ты — Маці міласэрдзя, і каб я заўсёды ўслаўляла Тваю дабрату, якая заўсёды прыймае малітвы тых, што церпяць і сьпяшаюцца да Цябе з просьбамі ў сваіх бедах і хваробах.