Звичайний друк Виконується верстка сторінок…
Папір A4, книжкова орієнтація, поля «Немає», без колонтитулів, масштаб 100%. Сторінки йдуть підряд. Для двостороннього друку виберіть переворот по довгому краю.

Калі хто цнатлівы й багалюбовы, няхай раскашуецца гэтай добрай і сьветлай урачыстасьцяй. Калі хто слуга разумны, няхай увойдзе з радасьцю ў радасьць Госпада свайго. Калі хто мацаваўся посьцячы, няхай прыйме сяньня плату. Калі хто ад першае гадзіны пасьціўся, няхай прыйме сяньня справядлівую заплату. Калі хто па трэйцяй гадзіне прыйшоў, няхай дзякуючы вясяліцца. Калі хто па шостай гадзіне, ані няхай не сумляецца, бо ў нічым не адхінаецца. Калі хто й дзявятую гадзіну прапусьціў, няхай прыступіць не сумляючыся, і не баючыся. Калі хто толькі ў адзінаццатую гадзіну зьявіўся, няхай не баіцца свайго спазьненьня.

Бо міласэрны Ўладыка: Ён прыймае апошняга так, як і першага; супакоіць і адзінаццатай гадзіне прыйшоўшага, як і працаваўшага ад першае гадзіны. Ён і апошняга мілуе, і першаму дагаджае, і таму дае, і гэтага ўзнагараджае: і працу прыймае, і намер цалуе, учынкі славіць, і жаданьне хваліць.

Таму ўвайдзеце ў радасьць Госпада свайго: і першыя, і другія, заплату прымеце багатыя й бедныя, адзін із адным весялецеся, цешцеся руплівыя й ляныя, дзень услаўляйце тыя, што посьціліся, і тыя, што ня посьціліся: усе ўзьвесялецеся сяньня! Чэсьць багатая, раскашуйцеся ўсе! Говедзь адкормлены, няхай ніхто не адыйдзе галодны: усе раскашуйцеся на чэсьць веры, усе ўспрымеце багацьце ласкаў. Няхай ніхто ня плача над сваёю бяднотаю, бо ён удзельнік Боскага Валадарства. Няхай ніхто ня плача над грахамі сваімі, бо выбачэньне з гробу зазьзяла! Няхай ніхто не баіцца сьмерці, бо вызваліла нас ад яе Спасава сьмерць: Пагасіў яе Ён, каторы быў у моцы яе, перамог пекла, зыйшоўшы ў пекла, зьнішчыў яго, скаштаваўшы горыч яго. І гэта прадбачыў Ісаія: Пекла, кажа ён, зажурылася, пабачыўшы Цябе. Зажурылася, бо развалілася! Зажурылася, бо Ты зьдзекі прыняў! Зажурылася, бо зьвязалася, прыняўшы Цела, Богу скарылася, прыняло зямлю, а спаткала Неба! Прыняло, што бачыла, і паддалося таму, чаго ня бачыла. Сьмерць! Дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?

Хрыстос Уваскрос, і ты пераможанае!
Хрыстос Уваскрос, і ўпалі дэманы!
Хрыстос Уваскрос, і радуюцца Ангелы!
Хрыстос Уваскрос, і памерлых няма ў гробе! Хрыстос Уваскрос ізь мертвых, і стаўся Першым для ўсіх памерлых.
І Яму слава, і ўлада, навекі вечныя. Амін.