Завантаження...
Співпраця: admin.vira@ukr.net
Наші Телеграм-канали:
Порівняти:
⇄
Малітвы розныя
ЧЕТИРИ СВАКОДНЕВНЕ МОЛИТВЕ
Малітва падзякі свяціцеля Амвросія Медыяланскага

Цябе́, Бо́га, хва́лім, Цябе́, Го́спада, вызнае́м, Цябе́, спрадве́чнага Айца́, уся́ зямля́ веліча́е. Табе́ ўсе а́нгелы, Табе́ нябёсы і ўсе сі́лы, Табе́ Херуві́мы і Серафі́мы няспы́нна го́ласна ўскліка́юць: святы́, святы́, святы́, Гаспо́дзь Бог Савао́ф, напо́ўнены не́ба і зямля́ ве́ліччу сла́вы Тваёй.

Цябе́ найслаўне́йшы апо́стальскі сабо́р, Цябе́ хва́льнае мно́ства праро́каў, Цябе́ найсвятле́йшае во́інства му́чанікаў хва́ляць, Цябе́ па ўсі́м све́це вызнае́ свя́тая Царква́: Айца́ непрысту́пнага ве́ліч, пакланя́емага Твайго́ І́сціннага і Адзінаро́днага Сы́на і Свято́га Уцяшы́целя — Ду́ха.

Ты — Цар сла́вы, Хрысце́. Ты — Айца́ вечнаі́сны Сын. Ты дзе́ля збаўле́ння чалаве́ка не пагрэ́баваў дзяво́чым уло́ннем. Ты, адо́леўшы сме́рці джа́ла, адкры́ў ве́руючым Ца́рства Нябе́снае.

Ты правару́ч Бо́га сядзі́ш, у сла́ве Айца́, ве́руем, што як Суддзя́ Ты пры́йдзеш. Таму́ про́сім Цябе́: памажы́ раба́м Тваі́м, які́х Ты пачэ́снай Крывёю вы́купіў. Спадо́бі са святы́мі Тваі́мі ў ве́чнай сла́ве Тваёй царава́ць. Спасі́ людзе́й Тваі́х, Го́спадзі, і благаславі́ спа́дчыну Тваю́, кіру́й ёю і ўзвялі́ч наве́кі. Ва ўсе дні бу́дзем благаслаўля́ць Цябе́ і ўсхваля́ць імя́ Тваё наве́к і ў век ве́ку. Спадо́бі, Го́спадзі, у гэ́ты дзень без граху́ захава́цца нам. Памі́луй нас, Го́спадзі, памі́луй нас. Няха́й бу́дзе мі́ласць Твая́, Го́спадзі, на нас, бо мы спадзяе́мся на Цябе́. На Цябе́, Го́спадзі, спадзяе́мся, каб не быць нам пасаро́мленымі даве́ку. Амі́нь.

Малітва перад прыняццем ежы

Во́чы ўсіх да Цябе́, Го́спадзі, звярта́юцца з надзе́яй, і Ты дае́ш ім е́жу своечасо́ва, адкрыва́еш Ты шчо́друю руку́ Сваю́ і насыча́еш усё жыво́е спага́дліва.

Малітва пасля прыняцця ежы

Дзя́куем Табе́, Хрысце́ Бо́жа наш, што Ты насы́ціў нас зямны́мі Тваі́мі дабро́тамі, не пазба́ў нас і нябе́снага Твайго́ Ца́рства, але́ як Ты прыйшо́ў да ву́чняў Тваі́х, Спасі́целю, мір даючы́ ім, так прыйдзі́ і да нас і спасі́ нас.

Малітва за тых, хто ў дарозе

Го́спадзі, Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, і́сцінны і жывы́ Шлях, Які́ пажада́ў падаро́жнічаць у Егі́пет з названым ба́цькам Тваі́м Іо́сіфам і Прачы́стаю Дзе́ваю, Ма́ці Тваёю, і Які́ падаро́жнічаў у Эмау́с з Луко́ю і Клео́пам! І цяпе́р пако́рна мо́лім Цябе́, Найсвяце́йшы Уладару́, спадаро́жнічай і гэ́тым раба́м Тваі́м благада́ццю Тваёю. І як рабу Твайму́ Таві́ю, пашлі́ А́нгела, ахо́ўніка і наста́ўніка, каб ён ахо́ўваў іх і пазбаўля́ў ад усяля́кай небяспе́кі, ад ба́чных і няба́чных во́рагаў, каб настаўля́ў іх на выкана́нне за́паведзяў Тваі́х, каб суправаджа́ў іх у мі́ры, ла́дзе і до́брым здаро́ўі і каб прывёў іх наза́д у цэ́ласці і спако́і. І дай ім уве́сь до́бры наме́р іх — дагадзі́ць Табе́ — паспяхова і ў сла́ву Тваю́ выканаць. Бо ў Тваёй ула́дзе мі́лаваць і спаса́ць нас, і мы ўзно́сім Табе́ сла́ву, з Беспача́тным Тваі́м Айцо́м і Прасвяты́м, і До́брым, і Жыватво́рчым Тваі́м Ду́хам, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Малітва за хворага

Улады́ка Уседзяржы́целю, Святы́ Цару́, Ты кара́еш, але́ не ўмярцвля́еш, падтры́мліваеш тых, хто па́дае, і тых, хто ўпаў, падыма́еш, цяле́сныя паку́ты чалаве́чыя ацаля́еш. Мо́лімся Табе́, Бо́жа наш, наве́дай Тваёю мі́ласцю раба́ Твайго́ (імя), які́ паку́туе не́маччу, дару́й яму́ ўсяля́кае саграшэ́нне, во́льнае і міжво́льнае. Го́спадзі! Пашлі́ з нябёс ацаля́ючую сі́лу Тваю́, дакрані́ся да яго́ це́ла, пагасі́ ў ім гара́чку, спыні́ паку́ты і ацалі́ ўсяля́кую ў ім не́мач; будзь урачо́м раба́ Твайго́ (імя) і падымі́ яго́ з ло́жа хваро́бы, з ло́жа паку́ты цэ́лым і зусі́м здаро́вым; зрабі́ яго́ здо́льным дагаджа́ць Царкве́ Тваёй і выко́нваць во́лю Тваю́. Бо ў Тваёй ула́дзе мі́лаваць і спаса́ць нас, Бо́жа наш, і мы ўзно́сім Табе́ сла́ву — Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Малітва да святога Ваніфація Міласцівага

Усесвяты́ Ваніфа́ціе, мі́ласцівы раб Міласэ́рнага Уладара́! Пачу́й тых, хто про́сіць цябе́, апанава́ных згу́бнай пра́гай алкаго́лю, і як у сваі́м зямны́м жыцці́ ты ніко́лі не адмаўля́ў у дапамо́зе тым, хто прасі́ў у цябе́, так і цяпе́р урату́й няшча́сных (імёны). Не́калі, багаму́дры о́йча, град пабі́ў твой вінагра́днік, ты ж, узнёсшы падзя́ку Бо́гу, загада́ў нямно́гія з ацале́лых гро́нак пакласці ў тачы́ла і паклі́каць бе́дных. Заты́м, узя́ўшы маладо́е віно́, ты разлі́ў яго́ па кро́плі ва ўсе пасу́дзіны, які́я былі́ ў епіскапі́і, і Бог, Які выко́нвае малі́твы мі́ласцівых, ствары́ў вялі́кі цуд: віно́ ў тачы́ле памно́жылася, і бе́дныя напо́ўнілі пасу́дзіны свае́.

О, свяці́цель Бо́жы! Як па тваёй малі́тве памно́жылася віно́ для патрэ́б царквы́ і на кары́сць бе́дным і ўбо́гім, так ты, блажэ́нны, паме́ншы яго́ цяпе́р там, дзе яно́ прыно́сіць шко́ду, збаў ад неадо́льнай цягі́ тых, хто апанава́ны згу́бнай пра́гай да яго́ (імёны), ацалі́ іх ад ця́жкай хваро́бы, вы́звалі ад дыя́вальскай спаку́сы, умацу́й іх, сла́бых, дай ім, нямо́глым, моц і сі́лу паспяхо́ва адо́лець гэ́тую спаку́су, вярні́ іх да здаро́вага і цвяро́зага жыцця́, накіру́й на шлях пра́цы, укладзі́ ў іх імкне́нне да цвяро́засці і духо́ўнай бадзёрасці. Памажы́ ім, уго́днік Бо́жы Ваніфа́ціе, калі́ пра́га віна́ бу́дзе пячы́ ім го́рла — зні́шчы іх згу́бнае жада́нне, асвяжы́ іх ву́сны нябе́снай прахало́даю, прасвятлі́ во́чы іх, паста́ў но́гі іх на скалу́ ве́ры і надзе́і, каб, зба́віўшыся ад сваёй душэ́ўнай стра́сці, яка́я адлуча́е ад Ца́рства Нябе́снага, яны́ ўмацава́ліся ў набо́жнасці і ўдасто́іліся негане́бнага мі́рнага ско́ну і ў ве́чным святле́ бяско́нцага Ца́рства Сла́вы го́дна праслаўля́лі Го́спада на́шага Іісу́са Хрыста́ з Беспача́тным Яго́ Айцо́м і з Прасвяты́м, і Жыватво́рчым Ду́хам на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Малітва маці да Міласэрнага Госпада за дзяцей, якія загінулі ў мацярынскім улонні

Памяні́, Чалавекалю́бны Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваі́х — дзе́так, які́я ва ўло́нні ма́ці паме́рлі неспадзява́на ад выпадко́вых дзе́янняў або́ ад ця́жкіх ро́даў, або́ ад не́йкай неасцяро́жнасці, або́ свядо́ма былі́ загу́блены і таму́ не прынялі́ Свято́га Хрышчэ́ння.

Ахрысці́ іх, Го́спадзі, у мо́ры шчо́драсцей Тваі́х і спасі́ невымо́ўнаю Тваёю благада́ццю, а мне, грэ́шнай (імя), яка́я стра́ціла дзіця́ ва ўло́нні сваі́м, дару́й і не пазба́ў Тваёй міласэ́рнасці. Амі́нь.

Бо́жа, будзь мі́ласцівы да мяне́, грэ́шнай.

Го́спадзі, памі́луй дзе́так маі́х, што паме́рлі ва ўло́нні маі́м, за ве́ру і слёзы мае́, дзе́ля міласэ́рнасці Тваёй, Го́спадзі, не пазба́ў іх Святла́ Твайго́ Бажэ́ственнага.

Малітва за хрысціян Блізкага Усходу

Уладыка Чалавекалюбча, Цару вякоў і Падаўца ўсяго добрага, разбуры варожасць і падай супакой усяму роду людскому! Даруй і цяпер супакой усім слугам Тваім, што жывуць у землях Антыёхіі, Сірыі, Кілікіі, Месапатаміі і ўсім жыхаром Усходу, умацуй у гэтых народах любоў адзін да аднаго, згасі ўсякі разлад, адымі ўсякія разнагалоссі і спакусы! Падай ім, Госпадзе, аднадумства і здароўе, засцеражы іх ад усякага смутку, азлаблення і марнай смерці, утаймуй ўсякую варожасць і злосць, якая ўзнікае па дзеянню д'ябла.

Узнясі, Госпадзе, на гэтых землях мір сілаю Пачэснага і Жыватворчага Крыжа Гасподняга, малітвамі Усесвятое Багародзіцы, святога Арханёла Міхаіла і ўсіх Нябесных сілаў Хрыстовых, святога Вялікага і Слаўнага Прадвесніка і Хрысціцеля Гасподняга Іаана, святых апосталаў Пятра і Паўла, Свяціцеля Іаана Залатавуснага, прыпадобных Іларыёна Вялікага, Іаана Дамаскіна, Іаана Лесвічніка, Яфрэма Сірына, Сямёна Стоўпніка і ўсіх святых. Бо ты ёсць наш супакой і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін!