Завантаження...
Співпраця: admin.vira@ukr.net
Наші Телеграм-канали:
Попередня

Аб малітве

МАЛІТВА — нашае духовае задзіночаньне з Богам. Гэта нашая, любая Яму, размова зь Ім. Таму, прыступаючы да малітвы, мы падымаем вочы да Айца нашага Нябеснага. У духу просім выбачэньня ў тых, каму мы якую крыўду ўчынілі, адначасна самі выбачаем усім тым, што нас у нечым пакрыўдзілі. Толькі ў такім пагадненьні з усімі, можам быць годнымі размовы із Богам, крыніцаю любові, ласкі, міласэрдзя й выбачэньня. Толькі так мы можам скіраваць думкі свае да Яго, ды мець надзею, што Ён выслухае нас, прыйме малітвы нашыя.

Сам Ісус Хрыстос сказаў: «Прасеце, і будзе дадзена вам» (Мц. 7:7). Іншым разам сказаў: «І ўсё, чаго будзеце прасіць у малітве зь вераю, атрымаеце» (Мц. 21:22). Прыступаючы да малітвы, трэба цьвёрда ВЕРЫЦЬ, што Сын Божы задаволіць добрую просьбу нашую ў належны час, бо Ён лепш ведае, што й калі патрэбнае для жыцьця, дабра й спасеньня нашага.

Таму ў малітве мае быць наш поўны ДАВЕР да Бога, вялікая НАДЗЕЯ на ласку Ягоную, ды нашая ЛЮБОЎ да Яго, адначасна належнае зразуменьне нашых грахоў і правінаў, злучанае з ПАКОРАЮ Мытніка, якога Госпад Міласэрны апраўдаў ужо за словы: «Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму» (Лк. 18:13).

Айцец і вучыцель Царквы, сьв. Ёан Залатавусны вучыць нас: Уважаю, што кажны чалавек добрае волі пагодзіцца са мною, без малітвы немагчыма весьці цнатлівае жыцьцё, ані належна закончыць яго. А сьв. Апостал Паўла заклікае: «Бязупынна малецеся» (1 Тэс. 5:17).

Таму трэба маліцца: рана, ў дзень і вечарам, перад працаю й пасьля працы й ў часе працы, як гэта рабілі нашыя пабожныя продкі. Асабліва дні Сьвяточныя створаныя да малітвы. Мілым Богу месцам да яе ёсьць дом Божы, царква.

За каго маем маліцца? Наўперад за сябе самых. За сваіх родных: бацькоў, дзяцей, мужа ці жонку, братоў і сёстры. За сваіх айцоў духоўных, за настаўнікаў, прыяцеляў і знаёмых, за ўвесь наш народ Беларускі, за нашую маці-Беларусь, за край, у якім жывем. Бо сам Спас наш плакаў над доляй Ерусаліму й народу, сярод якога Ён радзіўся як чалавек. Сьв. Паўла кажа: «Браты! Жаданьне сэрца майго й малітва да Бога аб Ізраэлю на спасеньне» (Рым. 10:1). А такжа за ўсіх людзей жывых і памершых: «Дык перш за ўсё прашу ўпрашаць, маліцца, ды дзякаваць за ўсіх людзей» (1 Цім. 2:1).

Каб малітва была запраўды мілая Богу, трэба старацца, каб ніхто не перашкаджаў падчас яе, а ўжо ніяк нельга выстаўляць яе на паказ, або выхваляцца ёю перад людзьмі. Сам Хрыстос часта маліўся. Тады Ён адыходзіў ад вучанікаў Сваіх. Гэтае самае Ён, Сын Божы, запаведаў і нам: «Ты-ж калі молішся, ідзі ў камору сваю, і зачыніўшы дзьверы, памаліся Айцу Свайму ТАЙНА, а Ён узнагародзіць цябе ЯЎНА» (Мац. 6:6).

Подле зьместу малітвы ёсьць:
ПАХВАЛЬНЫЯ, у якіх хвалім і славім Бога, Творцу і Спаса нашага, за бязьмежную любоў Ягоную да нас, за дасканаласьць і ўсемагутнасьць Ягоную.
УДЗЯЧНЫЯ, у якіх чынім нашую падзяку Яму за ўсё: за сваё нараджэньне, за сваіх бацькоў, дзеці, мужа ці жонку, братоў і сёстры, за кожны добры ўчынак наш, бо ўсё гэта ласка Яго да нас.
Малітвы з ПРОСЬБАМІ, у якіх просім Яго паслаць нам Сваё падтрыманьне, дапамогу ці пацеху.
Малітва «Ойча наш», сваім зьместам, абыймае ўсе гэтыя малітвы.

Подле формы малітвы ёсьць:
НУТРАНЫЯ, калі молімся Богу ў думках сваіх, не вымаўляючы словаў. Гэтыя малітвы выяўляюць пабожны стан нашых душаў. Сьв. ап. Паўла: «Дык, ці ясьце, ці п'яце, ці робіце, усё на славу Божую рабеце» (1 Кар. 10:31). У такім стане прабывае кожны пабожны чалавек, і тое, што ён стала задзіночаны з Богам, лёгка пазнаць ужо зь віду ягонага.
ВОНКАВЫЯ малітвы, калі мы вымаўляем словы, хрысьцімся, кленчым. Тут найлепшым прыкладам нам ёсьць Сам Спас: калі Ён нічога не гаварыў, кожны бачыў, што Ён дасканала задзіночаны з Айцом Нябесным, і Сам — выраз Боскасьці. Сьв. ап. Мацьвей так апавядае аб гэтым: «І, узыйшоўшы, Ён паў на аблічча Сваё, маліўся й казаў: "Ойча Мой! Калі магчыма, няхай абміне Чара гэтая Мяне, але не як Я хачу, а як хочаш Ты, няхай станецца"» (Мц. 26:39).

Подле часу, малітвы ёсьць: РАНІЧНЫЯ, ДЗЁННЫЯ й ВЯЧЭРНІЯ.
Подле каму — молімся да Айца нашага Нябеснага, Госпада нашага Ісуса Хрыста, да Прасьвятое Тройцы, да Бога Духа Сьвятога, да Прачыстае Маці Божае, да свайго Ангела Ахоўніка і да ўсіх Сьвятых, каб яны заступіліся за нас перад Богам.

Спас наш любіць усіх людзей. Грэшнікаў, калі яны з шчыраю малітваю зварочваюцца да Яго, просяць выбачэньня грахоў. Але асабліва Ён любіў і любіць дзяцей. Таму аднаго разу сказаў вучанікам Сваім: «Не перашкаджайце дзеткам прыходзіць да Мяне, бо такіх ёсьць Валадарства Нябеснае. І, абняўшы іх, усклаў на іх рукі Свае, і дабраславіў іх» (Мк. 10:14-16).

Таму трэба бязупынна маліцца, як запаведаў нам сьв. ап. Паўла: Малецеся ў радасьцях і пры ўсякіх посьпехах вашых, малецеся й у горы, бядзе, смутку й клопатах. Маліцца стала за сябе, і за іншых, і прасіць другіх маліцца за нас, бо: «Многа можа зрабіць малітва справядлівага» (Як. 5:16). «Няхай будзе хвалены Бог, Каторы малітвы маёй не адкінуў, і Ласкі Сваёй ня пазбавіў мяне» (Пс. 65:20).

Попередня