Завантаження...
Співпраця: admin.vira@ukr.net
Наші Телеграм-канали:
Порівняти:
⇄
Ранічныя малітвы
Малітвы ранішнія

Як толькі рана ўстанеш, памыйся, адзенься ды шчыра памаліся Госпаду Богу перад абразамі:

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. (тры разы хрысьцячыся)

Устаўшы ад сну, перад усякай іншай справай стань благагавейна перад Усёвідушчым Богам і, робячы на сабе знак Крыжа, скажы:

У імя́ Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха. Амінь.

Потым трохі пачакай, пакуль усе пачуцці твае супакояцца і думкі твае пакінуць усё зямное, і тады гавары наступныя малітвы без паспешнасці і з увагай сардэчнай:

Малітва мытара
Малітва мытара

Божа, будзь міласьцівы мне грэшнаму (грэшнай). (тры разы прыкладаючы кулак да грудзей)

Бо́жа, будзь мі́ласцівы да мяне грэ́шнага. (Паклон)

/Евангелле паводле Лукі, раздзел 18, верш 13/

Малітва пачатковая
Малітва пачынальная

Госпаду Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, Спасе наш, дзеля малітваў Прачыстае Маці Твае, і ўсіх Сьвятых, памілуй нас. Амін. (злажыўшы рукі)

Калі-б сталася, што зусім ня маеш часу, скажы яшчэ малітву Госпадаву «Ойча наш» і законч:

Слава Табе, Божа наш, Слава Табе. Амін.

Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малі́тваў Прачы́стае Твае́ Ма́ці і ўсіх святы́х, памі́луй нас. Амінь.

Сла́ва Табе́, Бо́жа наш, сла́ва Табе́.

Малітва да Сьвятога Духа
Малітва Святому Духу

Уладару Нябесны, Пацяшыцелю, Духу Праўды, што ўсюды ёсьць і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядацелю, прыйдзі й усяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і спасі, Добры, душы нашы.

Цару́ Нябе́сны, Уцяшы́целю, Ду́ху і́сціны, Ты ўсю́ды прысу́тны і ўсё напаўня́еш, Ска́рбніца дабра́ і жыцця́ Пада́целю, прыйдзі́ і ўсялі́ся ў нас, і ачы́сці нас ад уся́кай нечыстаты́ і спасі́, До́бры, ду́шы на́шы.

Трысьвятое
Трысвятое

Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тры разы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Святы́ Бо́жа, Святы́ Мо́цны, Святы́ Несмяро́тны, памі́луй нас. (Чытаем тройчы, робячы на сабе знак Крыжа і паясны паклон)

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Малітва да Прасьвятое Тройцы
Малітва да Прасвятой Троіцы

Прасьвятая Тройца, памілуй нас. Госпаду, ачысьці грахі нашыя; Уладыка, даруй беззаконнасьці нашыя; Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашыя дзеля імя Твайго.

Госпаду памілуй. (тры разы)

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Прасвята́я Тро́іца, памі́луй нас; Го́спадзі, ачы́сці грахі́ на́шы; Уладару́, праба́ч беззако́нні на́шы; Святы́, наве́дай і ацалі́ не́мачы на́шы дзе́ля імя́ Твайго́.

Го́спадзі, памі́луй. (Тройчы)

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Малітва Госпадава
Малітва Гасподняя

Ойча наш, Каторы ёсьць у Нябёсах. Хай сьвяціцца імя Тваё. Хай прыйдзе Ўладарства Тваё, хай будзе воля Твая, як на Небе, так і на зямлі. Хлеб наш штодзённы дай нам сяньня. І даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжніком нашым, і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад нячысьціка.

Тваё ёсьць Уладарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

О́йча наш, Які ёсць на нябёсах! Няха́й свяці́цца імя́ Тваё, няхай пры́йдзе Ца́рства Тваё, няха́й бу́дзе во́ля Твая́ як на не́бе, так і на зямлі́. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і дару́й нам даўгі́ на́шы, як і мы дару́ем даўжніка́м на́шым; і не ўвядзі́ нас у спаку́су, але збаў нас ад зло́га.

Ранічныя Трапары
Трапары Троічныя

Устаўшы ад сну, прыпадаем да Цябе, Добры, і ангельскую песьню натхнёна пяем Табе: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.

Госпаду, што з пасьцелі й сну падняў мяне, прасьвятлі розум мой і сэрца маё, і вусны мае адчыні, каб пяяць Табе, Сьвятая Тройца: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцай памілуй нас.

І цяпер, і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Неспадзявана Судзьдзя прыйдзе і выявяцца ўчынкі кожнага, таму апоўначы із страхам усклічам: Сьвят, Сьвят, Сьвят Ты, Божа, Багародзіцаю памілуй нас.

Госпаду памілуй. (12 раз)

Уста́ўшы ад сну, прыпада́ем да Цябе, До́бры, і а́нгельскую пе́сню спява́ем Табе́, Магу́тны: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху.

З пасце́лі і сну Ты падня́ў мяне́, Го́спадзі, ро́зум мой прасвятлі́ і сэ́рца, і ву́сны мае́ адкры́й, каб апява́ць Цябе́, Свята́я Тро́іца: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.

І цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Неспадзява́на Суддзя́ пры́йдзе, і ўчы́нкі ко́жнага вы́явяцца, але са стра́хам усклі́кнем апо́ўначы: Святы́, Святы́, Святы́ Ты, Бо́жа, праз Багаро́дзіцу памі́луй нас.

Го́спадзі, памі́луй. (12 разоў)

Малітва да Сьвятое Тройцы
Малітва да Прасвятой Троіцы

Устаўшы ад сну дзякую Табе, Трыадзіны Божа, што дзеля Твае дабраты й цярплівасьці не загневаўся Ты на мяне лянівага й грэшнага і не загубіў мяне з беззаконствамі маімі; але дзеля Свае людалюбнасьці падняў мяне, што спачываў бяз памяці, каб я ранічнаю малітваю ўслаўляў уладу Тваю. І цяпер прасьвятлі вочы духа маяго, адчыні вусны мае пазнаваць Навуку Тваю і разумець запаведы Твае, выконваць волю Тваю, і пяяць Табе зь вераю ў сэрцы, і ў песьнях услаўляць усесьвятое імя Тваё: Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Уста́ўшы ад сну, дзя́кую Табе́, Свята́я Тро́іца, што па вялі́кай Тваёй дабрыні́ і доўгацярпе́нню не загне́ваўся * Ты на мяне́, ляні́вага і грэ́шнага, і не загубі́ў мяне́ з беззако́ннямі маі́мі; паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў мяне́, калі я ляжа́ў без па́мяці, каб я ўстаў ра́на і славасло́віў ула́ду Тваю́. І цяпе́р прасвятлі́ мае́ во́чы духо́ўныя, адкры́й мае́ ву́сны, каб мне навуча́цца сло́ву Твайму́, і разуме́ць за́паведзі Твае́, і выко́нваць во́лю Тваю́, і праслаўляць Цябе́ з удзя́чнасцю сардэ́чнай, і апява́ць усесвято́е імя́ Тваё — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Пакланеньне Ісусу Хрысту
Пакланенне Іісусу Хрысту

Прыйдзеце, пакланемся Ўладару нашаму Богу. (паклон)

Прыйдзеце, пакланемся й прыпадзем да самога Хрыста, Уладара й Бога нашага. (паклон)

Прыйдзеце, пакланемся й прыпадзем да Самога Хрыста, Уладара й Бога нашага. (паклон)

Прыйдзі́це, пакло́німся Цару́ на́шаму — Бо́гу. (Паклон)

Прыйдзі́це, пакло́німся і прыпадзём да Хрыста́, Цара́ на́шага, Бо́га. (Паклон)

Прыйдзі́це, пакло́німся і прыпадзём да Само́га Хрыста́, Цара́ і Бо́га на́шага. (Паклон)

Малітва Сьв. Макара Вялікага
Малітва 1-я, св. Макарыя Вялікага

Божа, ачысьці мяне грэшнага, бо ніколі я не зрабіў нічога добрага перад Табою, але вызваль мяне ад нячыстага, і хай будзе ўва мне воля Твая, хай беззаганна адчыню недастойныя вусны мае, і ўсхвалю імя Тваё Сьвятое: Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Бо́жа, ачы́сці мяне́, грэ́шнага, бо я ніко́лі не зрабі́ў до́брага пе́рад Табо́ю; але́ збаў мяне́ ад зло́га, і няха́й бу́дзе ўва мне во́ля Твая́, каб я неасу́джана * адкры́ў ву́сны мае́ недасто́йныя і ўсхвалі́ў імя́ Тваё свято́е — Айца́, і Сы́на, і Свято́га Ду́ха — цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.

Другая малітва Сьв. Макара Вялікага
Малітва 2-я, таго ж святога

Да Цябе, Уладару Людалюбча, устаўшы ад сну сьпяшаюся, насьляваць Цябе жадаю дзеля міласэрдзя Тваяго, і малюся да Цябе: памажы мне ў кожным часе, у кожнай рэчы, і захавай мяне ад усякіх людзкіх благіх учынкаў, і д'ябальскае спакусы, і збаў мяне, і ўвядзі ў Валадарства Тваё вечнае. Бо Ты мой Творца, і ўсякага дабра Крыніца й Падайца, і на Цябе ўся надзея мая, і Табе хвалу чыню, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амін.

Уста́ўшы ад сну, я апо́ўначы пе́сню прыно́шу Табе́, Спасі́целю, і, прыпада́ючы, ускліка́ю да Цябе́: не дай мне засну́ць грахо́ўнай сме́рцю, а пашкаду́й мяне, дабраво́льна Распя́ты, і як ляжу́ я ў ляно́це, ху́тка паднімі́ мяне́, і спасі́ мяне́, як стаю́ я і малю́ся, і пасля́ сну начно́га дай заззя́ць нада мно́ю дню бязгрэ́шнаму, Хрысце́ Бо́жа, і спасі́ мяне́.

Малітва да Ангела Ахоўніка рана
Малітва 9-я, да Ангела Ахоўніка

Сьвяты ангелу, памочніча стурбаванай душы мае й клапатлівага жыцьця маяго, не адыходзь ад мяне за няўстрыманасьць маю, ня дай злому духу сілком завалодаць сьмяротным целам маім. Узмацні зьняможаныя й слабыя сілы мае, і накіруй мяне на шлях спасеньня. Так, сьвяты ангеле Божы, абароньніча й ахоўніку мае ўбогае душы і цела, усё мне даруй, чым я скрыўдзіў Цябе праз усё жыцьцё маё, і калі я ў нечым зграшыў мінулае ночы, заступіся за мяне гэтага дня, і захавай мяне ад усякае згубнае спакусы, каб я ніякім грэхам не ўгнявіў Бога, і маліся за мяне да Госпада, каб Ён умацаваў мяне ў послуху Яму, і зрабіў мяне годным слугою дабраты Свае. Амін.

Святы́ А́нгеле, паста́ўлены ахо́ўваць маю́ бе́дную душу́ і няшча́снае жыццё, не пакі́нь мяне́, грэ́шнага, і не адступі́ ад мяне́ за няўстры́манасць маю́. Не дай магчы́масці зло́му дэ́ману авало́даць мно́ю праз перава́гу гэ́тага смяро́тнага це́ла; вазьмі́ мо́цна гаро́тную і кво́лую руку́ маю́ і вы́вядзі мяне́ на шлях спасе́ння. О, святы́ А́нгеле Бо́жы, ахо́ўнік і засту́пнік бе́днай маёй душы́ і це́ла, усё мне праба́ч, чым я знява́жыў цябе́ ва ўсе дні жыцця́ майго́ і, калі́ я чым саграшы́ў у гэ́тую міну́лую ноч, абарані́ мяне́ ў цяпе́рашні дзень; і захава́й мяне́ ад уся́кае спаку́сы варо́жае, каб я нія́кім грахо́м не ўгняві́ў Бо́га; і малі́ся за мяне́ Го́спаду, каб Ён умацава́ў мяне́ ў стра́ху Сваі́м і зрабі́ў мяне́ рабо́м, дасто́йным Сваёй до́брасці. Амі́нь.

Слаўленьне Прасьвятое Багародзіцы
Песня да Прасвятой Багародзіцы

Багародзіца Дзева, радуйся! Дабрадатная Марыя, Гасподзь з Табою. Дабраслаўленая Ты між жанчын, і дабраслаўлены плод улоньня Твайго, бо Ты радзіла Спаса душ нашых.

Багаро́дзіца Дзе́ва, ра́дуйся, Благада́тная Мары́я, Гаспо́дзь з Табо́ю; благаславёная Ты сяро́д жанчы́н і благаславёны плод уло́ння Твайго́, бо Ты нарадзі́ла Спасі́целя душ на́шых.

Пад Тваю міласьць

Пад Тваю міласьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, малітваў нашых не адкінь у цярпеньнях, але ад бедаў спасі нас. Адзіна чыстая, і Дабраслаўленая. Прасьвятая Багародзіца, спасі нас!

Трапар Крыжа за Бацькаўшчыну
Трапар Крыжу і малітва за Бацькаўшчыну

Спасі, Госпаду, людзей Тваіх, і дабраслаў маемасьць Тваю. Перамогу дабраверным хрысьцянам над супраціўнымі даруй, і Тваім Крыжам сьвятым барані зямлю Тваю.

Спасі́, Го́спадзі, людзей Тваіх і благаславі спадчыну Тваю, перамо́гу праваслаўным хрысціянам над праціўнікамі даючы і Тваім Крыжам ахо́ўваючы наро́д Твой.

Малітва хвалы да Прасьвятое Багародзіцы
Заканчэнне малітваў

Дастойна ёсьць запраўды славіць Цябе, Багародзіцу, заўсёды шчасьлівую, і найчыстшую, і Маці Бога нашага. Сьвятнейшую за Херувімаў і без параўнаньня слаўнейшую за Серафімаў, што нарадзіла Бога Слова, непарушаную, існую Багародзіцу Цябе ўзьвялічаем.

Дасто́йна ёсць сапраўды́ ўблажа́ць Цябе, Багаро́дзіцу, заўжды́ блажэ́нную і найчысце́йшую і Ма́ці Бо́га на́шага. Пачэ́снейшую за Херуві́маў і непараўна́льна слаўне́йшую за Серафі́маў, што непару́шанаю нарадзі́ла Бо́га Сло́ва, І́сную Багаро́дзіцу, Цябе веліча́ем.

Ад Пасхі да Узнясення замест «Дастойна ёсць» пяецца:

Ангел ускліка́ў Благада́тнай: Чы́стая Дзе́ва, ра́дуйся! І зноў кажу́: ра́дуйся, Твой Сын уваскрэ́с на трэ́ці дзень з гро́бу, і мёртвых узняў Ён, лю́дзі, весялі́цеся.

Свяціся, свяціся, но́вы Іерусаліме, сла́ва бо Гаспо́дняя на табе́ заззя́ла. Ліку́й сёння і весялі́ся, Сіёне. Ты ж, Чы́стая, ра́дуйся, Багаро́дзіца, аб Уваскрасе́нні Наро́джанага Табо́й.

Сла́ва Айцу́, і Сы́ну, і Свято́му Ду́ху, і цяпе́р, і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амінь.

Го́спадзі, памілуй. (Тройчы)

Го́спадзі, Іісу́се Хрысце́, Сы́не Бо́жы, дзе́ля малітваў Прачы́стай Тваёй Ма́ці, прападо́бных і багано́сных айцо́ў на́шых і ўсіх святы́х, памі́луй нас. Амі́нь.

Сымбаль Праваслаўнае Веры
Сімвал веры

[1] Веру ў Вадзінага Бога Айца, Уседзяржыцеля, Тварца Неба й зямлі, усяго відзімага й нявідзімага.

[2] І ўвадзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, Адзінароднага, ад Айца роджанага перад усімі вякамі: Сьвятло ад Сьвятла, Бога праўдзівага, нястворанага але народжанага, аднаістнага з Айцом, праз Якога ўсё сталася.

[3] Дзеля нас людзей, і дзеля нашага спасеньня што зыйшоў зь Нябёсаў, і ўцелесьненага праз Духа Сьвятога й Дзевы Марыі, і ўчалапечанага.

[4] Укрыжаванага за нас пры Понцкім Пілаце, і цярпеўшага, і пахаванага.

[5] І ўваскрослага на трэйці дзень згодна з Пісаньнем.

[6] Узыйшоўшага ў Нябёсы, і сядзячага праваруч Айца.

[7] Маючага зноў прыйсьці ў славе, судзіць жывых і памерлых. Ягонаму-ж уладарству ня будзе канца.

[8] І ў Духа Сьвятога, Госпада жыцьцетворчага, ад Айца зыходзячага, з Айцом і Сынам супакланяльнага й слаўленага, што гаварыў праз прарокаў.

[9] І ў Вадзіную, Сьвятую, Саборную, і Апостальскую Царкву.

[10] Вызнаю адзіны хрост на збаўленьне ад грахоў.

[11] Чакаю ўваскрасеньня памерлых,

[12] І жыцьця будучага часу. Амін.

1 Ве́рую ў Адзі́нага Бо́га Айца́, Уседзяржы́целя, Тварца́ не́ба і зямлі́, усяго́ ба́чнага і няба́чнага.

2 І ў адзі́нага Го́спада Іісу́са Хрыста́, Сы́на Бо́жага, Адзінаро́днага, ад Айца́ наро́джанага пе́рад усі́мі вяка́мі; Святло́ ад Святла́, Бо́га і́сціннага ад Бога і́сціннага, наро́джанага, не ство́ранага, адзінасу́тнага з Айцо́м, праз Яко́га ўсё ста́лася.

3 Які́ дзе́ля нас, людзе́й, і дзе́ля на́шага спасе́ння сышо́ў з нябёс і ўцяле́сніўся ад Ду́ха Свято́га і Дзе́вы Мары́і, і стаў чалаве́кам.

4 Быў распя́ты за нас пры По́нціі Піла́це, і паку́таваў, і быў пахава́ны.

5 І ўваскрэ́с на трэ́ці дзень зго́дна з Піса́ннем.

6 І ўзышо́ў на нябёсы, і сядзі́ць правару́ч Айца́.

7 І зноў пры́йдзе ў сла́ве судзі́ць жывы́х і мёртвых, і Яго Ца́рству не бу́дзе канца́.

8 І ў Ду́ха Свято́га, Го́спада, Жыватво́рчага, што ад Айца́ зыхо́дзіць, што з Айцо́м і Сы́нам ра́зам пакланя́емы і сла́вімы, што гавары́ў праз праро́каў.

9 У адзі́ную Святу́ю Сабо́рную і Апо́стальскую Царкву́.

10 Вызнаю́ адно́ хрышчэ́нне для адпушчэ́ння грахо́ў.

11 Чака́ю ўваскрасе́ння мёртвых

12 і жыцця́ бу́дучага ве́ку. Амі́нь.

Псальм 50 (каяльны)
Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, дзеля вялікае міласэрнасьці Твае, і па мноству дабротаў Тваіх ачысьці беззаконнасьці мае. Найперш абмый мяне ад правіны мае, і ачысьці мяне ад грэху майго. Бо ведаю добра беззаконьне маё, і грэх мой усьцяж перада мною. Перад Табою, Табою адзіным я зграшыў, і зло перад Табою ўчыніў: бо Ты справядлівы ў засудзе Тваім, і пераможаш, калі Цябе судзяць. Бо, вось, у беззаконнасьці я зачаты, і ў грахох радзіла мяне маці мая. Бо-ж Ты праўду палюбіў: нязнанае й тайнае мудрасьці Твае адкрыў Ты мне. Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся, абмый мяне і стану за сьнег бялейшым. Дай Ты мне пачуць радасьць і вясёласьць: і ўсьцешацца пакорныя косьці мае. Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і ўсе беззаконствы мае ачысьці. Ствары ўва мне, Божа, чыстае сэрца, і абнаві ўва мне духа праўды. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адбяры ад мяне. Зьвярні мне радасьць спасеньня Твайго, і духам валадарным умацуй мяне. Шляхі Твае буду я беззаконным паказваць, і грэшнікі вернуцца да Цябе. Вызваль мяне ад крывавых учынкаў, Божа, Божа спасеньня майго, і язык мой будзе радасна славіць праўду Тваю. Госпаду, адчыні вусны мае, і будуць яны абвяшчаць хвалу Тваю. Бо калі-б Ты захацеў ахвяры, я даў бы, але целапаленьні ня любыя Табе. Ахвяра Богу — дух пакутны: сэрцам збалелым і пакорным Ты, Божа, ня грэбуеш. Шчасьці, Госпаду, з Ласкі Свае Сіёну, узьвядзі нанова муры Ерусаліму. Тады прыймеш Ты ласкава ахвяры праўды, целапаленьні й дары агністыя: тады на алтар Твой пакладуць быкі.

Памі́луй мяне́, Бо́жа, па вялі́кай мі́ласці Тваёй і па мно́ству шчо́драсцей Тваі́х ачы́сці беззако́нні мае́. Зусі́м абмы́й мяне́ ад беззако́ння майго́ і ад граху́ майго́ ачы́сці мяне́. Бо беззако́нне маё я зна́ю і грэх мой пе́рада мно́ю заўжды́. Пе́рад Табо́й адзі́ным я саграшы́ў і зло́е пе́рад Табо́ю ўчыні́ў, так што Ты справядлі́вы ў сло́вах Тваі́х і беззага́нны ў судзе́ Тваі́м. Бо вось у беззако́ннях зача́ты я і ў граха́х нарадзі́ла мяне́ ма́ці мая́. Бо вось ісціну ўзлюбі́ў Ты, невядо́мае і та́йнае з праму́драсці Тваёй адкры́ў Ты мне. Акрапі́ш мяне́ ісо́пам — і бу́ду чы́сты, абмы́еш мяне́ — і бу́ду за снег бяле́йшы. Дасі́ мне пачу́ць ра́дасць і вясяло́сць — і ўзра́дуюцца ко́сці пако́раныя. Адвярні́ аблі́чча Тваё ад грахо́ў маі́х і ўсе беззако́нні мае́ ачы́сці. Сэ́рца чы́стае ствары́ ўва мне, Бо́жа, і дух пра́ўды аднаві́ ўнутры́ мяне́. Не адкі́нь мяне́ ад аблі́чча Твайго́ і Ду́ха Твайго́ Свято́га не адымі́ ад мяне́. Вярні́ мне ра́дасць спасе́ння Твайго́ і Ду́хам улада́рным умацу́й мяне́. Я навучу́ беззако́нных шляха́м Тваі́м, і грэ́шныя да Цябе́ зве́рнуцца. Урату́й мяне́ ад крыві́ *, Бо́жа, Бо́жа спасе́ння майго́, і ўзра́дуецца язы́к мой пра́ўдзе Тваёй. Го́спадзі, ву́сны мае́ адкры́еш, і ву́сны мае́ абвясця́ць хвалу́ Тваю́. Бо калі́ б Ты захаце́ў ахвя́ры, то я даў бы, але ўсеспале́нне не мі́лае Табе́. Ахвя́ра Бо́гу — дух скру́шаны; сэ́рцам скру́шаным і пако́рлівым Бог не пагарджа́е. Ашчаслі́ў, Го́спадзі, з ла́скі Твае́ Сіён, і няха́й збуду́юцца сце́ны Іерусалі́ма. Тады́ мі́лай Табе́ бу́дзе ахвя́ра пра́ўды, прынашэ́нне і ўсеспале́нне; тады́ пакладу́ць на ахвя́рнік Твой цяльцо́ў.

Малітва за жывых
Малітва за жывых

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над праваслаўнымі патрыярхамі, япіскапамі й усімі духаўнікамі, што Ты паставіў іх даглядаць агул Твой хрысьцянскі і малітвамі іх зьмілуйся й спасі мяне.

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над айцом маім духоўным (імя) і сьвятымі малітвамі яго даруй мне грахі мае. (паклон)

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над бацькамі маімі (імёны), братамі й сёстрамі (імёны) і над усімі маімі роднымі й блізкімі, і падай ім Тваю Ласку: супакой, радасьць і дабро. (паклон)

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над старымі й малымі, над беднымі, сіротамі, удовамі, у хваробе, горы, бядзе й смутку прабываючымі. І над тымі запраўднымі слугамі Тваімі, што за Цябе й за Веру Праваслаўную дзеля бязбожнікаў, адступнікаў і гарэтыкаў у цямніцах, вязьніцах прабываюць і пакутуюць. Памяні іх, Госпаду, і адведай, і ўзмацні, і пацеш іх, і сілаю Тваёю хуткае вызваленьне, свабоду ім падай. (паклон)

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над тымі, што ў далёкіх службах прабываюць, падарожуюць, айцоў, братоў і сёстраў нашых, і ўсіх праваслаўных хрысьцян. (паклон)

Спасі, Госпаду, зьмілуйся над тымі, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і спрычыняюць мне ўсякія прыкрасьці, і ня дай ім загінуць дзеля мяне грэшнага. (паклон)

Тых, што адыйшлі ад Праваслаўнае Веры, і згубнымі гарэзіямі засьлепленых, сьвятлом Твайго пазнаньня асьвятлі, і да Тваёй Сьвятой Саборнай Апостальскай Царквы далучы. (паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй айца́ майго́ духо́ўнага (імя), бацько́ў маіх (імёны), сваяко́ў (імёны), нача́льнікаў, наста́ўнікаў, дабрадзе́яў (імёны іхнія) і ўсіх правасла́ўных хрысція́н.

Малітва за памерлых
Малітва за спачылых

Успамяні, Госпаду, душы спачылых слугаў Тваіх, бацькоў маіх і ўсіх родных маіх, і выбач ім усе грахі іхныя — сьведамыя й нясьведамыя, прымі да Сябе ў Царства Тваё вечнае славы, бясконцага шчасьця, і радасьці нявымоўнае на векі. (паклон)

Успамяні, Госпаду, усіх спачылых у надзеі ўваскрашэньня й жыцьця вечнага айцоў, братоў і сёстраў нашых, тут і паўсюды пахаваных праваслаўных хрысьцян, супакой іх разам са Сьвятымі Тваімі, дзе зьзяе сьвятло аблічча Твайго, і нас памілуй, бо Ты добры й людалюбны. Амін. (паклон)

Падай, Госпаду, выбачэньне грахоў усім тым, што адыйшлі ў веры й надзеі ўваскрашэньня айцом, братом і сёстрам нашым, і ўчыні ім вечную памяць. (тры разы) Амін.

Упако́й, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваі́х: бацько́ў маі́х, сваяко́ў, дабрадзе́яў (імёны іх), і ўсіх правасла́ўных хрысція́н і праба́ч ім усе саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, і пада́й ім Ца́рства Нябе́снае.

Малітва да свайго Сьв. Іменьніка
Малітвены зварот да святога, імя якога носіш

Малі Бога за мяне, Сьвяты(-ая) Угодніча(-ца) Божы(-ая) (імя), бо да Цябе я горача зьвяртаюся як да хуткага(-ай) памочніка(-цы), і малітаўніка(-цы) аб душы маёй.

Малі́ Бо́га за мяне́, святы́ ўго́днік Бо́жы (імя), бо я шчы́ра да цябе звярта́юся, ско́рага памо́чніка і малі́твенніка за душу́ маю́.