Малітва 6-я, таго ж святога
Цябе́ благаслаўля́ем, вы́шні Бо́жа і Го́спадзі мі́ласці, Які заўсёды ро́біш з на́мі вялі́кае і недасту́пнае разуме́нню, сла́ўнае і дзіво́снае, на што і лі́ку няма́, Які даў нам сон для супакае́ння не́мачы на́шай і аслабле́ння ўто́мленасці знясі́ленай пло́ці. Дзя́куем Табе́, што не загубі́ў нас з беззако́ннямі на́шымі, а паказа́ў Сваё звыча́йнае чалавекалю́бства і падня́ў нас, калі́ мы ляжа́лі без па́мяці, каб мы славасло́вілі ўла́ду Тваю́. Таму́ мо́лім бязме́рную Тваю́ до́брасць: прасвятлі́ на́шы ду́мкі, во́чы, і ро́зум наш ад ця́жкага сну ляно́ты абудзі́, адкры́й на́шы ву́сны і напо́ўні іх хвало́ю Табе́, каб мы маглі́ непару́шна апява́ць і праслаўля́ць Цябе, ва ўсіх і ўсімі сла́вімага Бо́га — Беспача́тнага Айца́ з Адзінаро́дным Тваі́м Сы́нам і Усесвяты́м і До́брым і Жыватво́рным Тваі́м Ду́хам — цяпе́р і заўсёды, і на ве́кі вяко́ў. Амі́нь.