Завантаження...
Співпраця: admin.vira@ukr.net
Наші Телеграм-канали:
У вибраній версії цього розділу немає

Памяннік

Калі можаш, чытай замест кароткіх малітваў за жывых і спачылых наступны памяннік:

За жывых

Памяні́, Го́спадзі Іісу́се Хрысце́, Бо́жа наш, мі́ласці і шчо́драсці Твае́ адве́чныя, з-за які́х Ты і стаў чалаве́кам, і распя́цце і смерць дзе́ля спасе́ння тых, хто пра́вільна ве́руе ў Цябе́, перацярпе́ць пажада́ў; і, уваскрэ́снуўшы з мёртвых, Ты ўзнёсся на нябёсы і сядзі́ш правару́ч ад Бо́га Айца́, і прыхі́льна прыма́еш пако́рлівыя малі́твы тых, хто ўсім сэ́рцам клі́ча Цябе́; прыхілі́ ву́ха Тваё і пачу́й пако́рлівую малі́тву маю́, недасто́йнага раба́ Твайго́, які прыно́сіць яе́ Табе́, як пах во́дару духо́ўнага, за ўсіх людзе́й Тваі́х. І найпе́рш памяні́ Царкву́ Тваю́ Святу́ю, Сабо́рную і Апо́стальскую, якую здабы́ў Ты пачэ́снаю Сваёю Крывёю; і сцве́рдзі яе́, і ўмацу́й, і пашы́р, памно́ж, заміры́, і захава́й наве́к неперамо́жнаю варо́тамі пяке́льнымі *; нязго́ду памі́ж Цэ́рквамі ўціхамі́р, гане́нні ад язы́чнікаў загасі́, і ўзнікне́нню е́расяў ху́тка перашко́дзь і вы́карані іх, і ў нішто́ сі́лаю Свято́га Твайго́ Ду́ха ператвары́. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй Бо́гам сцеражо́ную краі́ну на́шу, ула́ды і во́інства яе́, каб нам ве́сці ці́хае і спако́йнае жыццё з усёй набо́жнасцю і го́днасцю. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй Вялі́кага Спадара́ і Айца́ на́шага Свяце́йшага Патрыя́рха Кіры́ла і Экза́рха яго́ Спадара́ на́шага Высокапраасвяшчэ́ннейшага мітрапалі́та Па́ўла, праасвяшчэ́нных мітрапалі́таў, архіепі́скапаў і епі́скапаў правасла́ўных, а такса́ма іерэ́яў і дыя́канаў і ўвесь прычт царко́ўны, які Ты паста́віў па́свіць духо́ўнае Тваё ста́да, і малі́твамі іх памі́луй і спасі́ мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй айца́ майго́ духо́ўнага (імя яго), і святы́мі яго́ малі́твамі праба́ч мае́ саграшэ́нні. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй бацько́ў маі́х (імёны іх), брато́ў і сясцёр, і сваяко́ў маі́х па пло́ці, і ўсіх блі́жніх ро́ду майго́, і сябро́ў, і дай ім Твае́ зямны́я і нябе́сныя дабро́ты. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй стары́х і малады́х, убо́гіх і сіро́т, і ўдоў, хво́рых і засму́чаных, тых, што ў бядзе́ і ў няшча́сці, пад уці́скам і ў няво́лі, а такса́ма ў цямні́цах і ссы́лках, асаблі́ва ж рабо́ў Тваі́х, які́я за Цябе́ і ве́ру правасла́ўную прасле́дуюцца бязбо́жнымі язы́чнікамі і ератыка́мі, — памяні́ іх, наве́дай, умацу́й, уце́ш і ско́ра сілаю Тваёю палёгку, вызвале́нне і выратава́нне ім пада́й. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй пасла́ных на слу́жбу, падаро́жных айцо́ў і брато́ў нашых, і ўсіх правасла́ўных хрысція́н. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй тых, каго́ я па неразу́мнасці сваёй спакусі́ў і са шля́ху спасі́цельнага звёў, да ўчы́нкаў злых і гане́бных прывёў; Бажэ́ственным Тваі́м Про́мыслам на шлях спасе́ння зноў іх вярні́. (Паклон)

Спасі́, Го́спадзі, і памі́луй тых, што ненаві́дзяць і кры́ўдзяць мяне́, і напада́юць на мяне́, і не дай ім згі́нуць з-за мяне́, грэ́шнага. (Паклон)

Тых, што ад правасла́ўнай ве́ры адступі́лі і пагі́бельнымі е́расямі асле́пленыя, прасвятлі́ святло́м пазна́ння Цябе́ і да Свято́й Тваёй Апо́стальскай Сабо́рнай Царквы́ далучы́. (Паклон)

За спачылых

Памяні́, Го́спадзі, тых, што з жыцця́ гэ́тага адышлі́, свяце́йшых патрыя́рхаў, праасвяшчэ́нных мітрапалі́таў, архіепі́скапаў і епі́скапаў правасла́ўных, а такса́ма тых, што паслужы́лі Табе́ ў іерэ́йскім са́не і ў царко́ўным пры́чце, і ў мана́шаскім чы́не, і ў ве́чных Тваі́х сялі́бах са святы́мі іх упако́й. (Паклон)

Памяні́, Го́спадзі, ду́шы спачы́лых рабо́ў Тваі́х: бацько́ў маі́х (імёны іх) і ўсі́х сваяко́ў па пло́ці; і праба́ч ім усе́ саграшэ́нні, во́льныя і міжво́льныя, пада́й ім Ца́рства і далучэ́нне да ве́чных Тваі́х дабро́т, і Твайго́ бяско́нцага блажэ́ннага жыцця́ асало́ду. (Паклон)

Памяні́, Го́спадзі, і ўсіх спачы́лых з надзе́яй на ўваскрасе́нне і жыццё ве́чнае айцо́ў і брато́ў на́шых, і сясцёр, і тых, што тут ляжа́ць і ўсю́ды, правасла́ўных хрысція́н, і са святы́мі Тваі́мі, дзе ззя́е святло́ аблі́чча Твайго́, усялі́ іх, і нас памі́луй, як До́бры і Чалавекалю́бны. Амі́нь. (Паклон)

Пада́й, Го́спадзі, адпушчэ́нне грахо́ў усі́м, які́я ране́й адышлі́ з ве́рай і надзе́яй на ўваскрасе́нне, айца́м, брата́м і сёстрам на́шым, і ствары́ ім ве́чную па́мяць. (Тройчы)